Экспазiцыя музея

  • На 1-м паверсе Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея ў 4 залах размешчана экспазіцыя «Родная прырода», у якой прадстаўлены асноўныя

    групы раслін і жывёл, што насяляюць Брэсцкую вобласць. Экспанаты 1-й залы характарызуюць фізіка-геаграфічныя асаблівасці

    Берасцейшчыны, карысныя выкапні і геалагічную гісторыю краю. Тут дэманструюцца акамянеласці мелавога перыяду мезазойскай

    эры — марскія вожыкі, губкі, ракавіны марскіх малюскаў, а таксама рэканструкцыя левай пярэдняй канечнасці маманта вышынёй

    3,5 м. Прыродныя ландшафты Брэсцкай вобласці і асноўныя прадстаўнікі флоры і фауны паказаны ў 4 дыярамах. Асаблівае месца ў экспазіцыі

    займае калекцыя насякомых (налічвае каля 500 прадстаўнікоў розных атрадаў). Другая зала прысвечана самаму вялікаму і старажытнаму лесу

    Еўропы — Белавежскай пушчы. Экалагічныя праблемы, пытанні аховы навакольнага асяроддзя раскрываюць экспанаты наступных

    залаў.

  • На 2-м паверсе ў 8 залах працуюць пастаянныя выстаўкі і экспазіцыі. Выстаўка «З музейнай кладоўкі» прадстаўляе наведвальнікам больш

    за 160 найбольш каштоўных і рэдкіх прадметаў з калекцый музея. Гэта кнігі, абразы, скарбы, дакументы, зброя, прадметы побыту. Сярод

    экспанатаў выстаўкі — упрыгожаны залатым шыццём цырыманіяльны мундзір сенатара, выраблены ў канцы XIX ст. ў

    Санкт-Пецярбургу; персідская баявая сякерка XVIII ст.; кніга «Фамільныя партрэты Радзівілаў», выдадзеная ў 1875 у Санкт-Пецярбургу. Да

    60-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне была адкрыта экспазіцыя «Пра подзвігі, пра доблесць, пра славу...», якая расказвае пра барацьбу

    партызан і падпольшчыкаў з фашысцкімі акупантамі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ў 1941–44 і вызваленне Берасцейшчыны. Таксама

    прадстаўлены матэрыялы пра першага Героя Беларусі падпалкоўніка У.М. Карвата і іншых герояў, якія здзейснілі подзвігі ў мірны час. Дзейнічае

    экспазіцыя «На стыку стагоддзяў», дзе праз музейныя прадметы раскрываюцца дасягненні чалавецтва ў развіцці навукі, тэхнікі, культуры.


Музеі Беларусі: даведачнае выданне/рэд. Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін. — Мінск, 2008. —

260 с.